прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл.вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл.фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл.Кенатрон), газаразрадныя (гл.Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт.Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.
Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.
У.М.Сацута.
Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.